1. каталог Private-Bookers
  2. Стихи и поэзия
  3. Книга "Матчын дар"
Матчын дар
Читать

Матчын дар

Гарун Алесь

Стихи и поэзия

:

поэзия

,

лирика

.
1918 г.

1. Людзям

Люблю і я скляпеньне зор, Люблю зямлі абшар, I роўны луг, і ўзгібы гор, I шум лясны, і гвар. Люблю жыцьцё, а ў ім людзей I кшталты іхніх душ, Люблю вянкі плясьці з надзей, — А не паэт. — Чаму ж? Часамі праца ўдзень кіпіць, — Цярплю і я прыгон, — Аж косьць аб косьць ў плячу рыпіць… Пачуеш ў сэрцы звон… Ухопіш зык, за ім другі, За тымі больш ідуць, Зьліюцца ў шых даўгі-даўгі І цэлы дзень гудуць. Загасьне дзень, іду дамоў, Кладуся спаць, — і ў ноч Цякуць радкі зьвінючых слоў, І сон адходзіць проч. Тагды пішу. Перад вачмі Нясецца зданьняў рой, І хтось стаіць па-за плячмі, Здаецца, блізкі, свой. Абыйме шыю пара рук І кос дзявочых шоўк, Ўзмацніцца ў сэрцы мерны стук, А звон ў душы ня змоўк… Зірну: пакой пусты, няма… А час сьлізнуў, як вуж. І за вакном радзее цьма… А не паэт… — Чаму ж? Бо мой прыгон глытае час, Мне воля — рэдкі дар. Такіх паэтаў шмат у нас, Дзе сам народ — пясьняр. Сваіх тут жменьку я сьпісаў Маркотных песьняў-дум; Маёй душы іх сам сьпяваў Па краю родным сум. Скажу яшчэ, чаго б хацеў: Зь дзявочых вуст пачуць Хаця б адзін мой бедны сьпеў, Хаця б калі-нібудзь!

Роднаму краю

2. *** Чаму з маленства…

Чаму з маленства, з ураджэнства Ў жыцьцёвы май Ня ўмеў, як маці, шанаваці Цябе, мой край? То ж я з тваёю ключавою Сьвятой вадой Напіўся болю аб нядолі, Бядзе людской. То ж ты, мой хмуры, даў мне пануры І ціхі гнеў, А днём падчасным, так пекным, ясным, Надзею грэў. Твае ж курганы, лясы, паляны, Дубкоў тых шум, Палёў абшары, люд бедны, шары Мне далі дум. А дум тых многа… Не, не убога Ты даў мне іх. I ты ж, як маці, наўчыў сьпяваці Аб думах тых. Я браў, ня бачыў і не адзьдзячыў Табе нічым, Бо счараваны — цябе, ўкаханы, Ня знаў саўсім. Цяпер хоць знаю, дык што ж параю Ад позьніх скрух? Ў чужой краіне паволі гіне За целам — дух. Вазьмі ж хоць сьпевы, дум перапевы Лясоў тваіх. З тваёі глебы, з тваёга неба Узяў я іх.

3. Начныя думкі

Часам я ўночы сны дзіўныя бачу: Роіцца нейкі нязьведаны край, Повен то шчасьця, то жаласьці, плачу, То зло-хмурлівы, то сьветлы, як рай. Бачу вялікія стэпы з-над Нёмна; Туліць у сьлёзах матуля сынка; Сьцелецца пушча глухая і цёмна; Косьці з магілы глядзяць бедака… Бачу я: жоўтае жытняе поле Коласам ціха шуміць-шалясьціць; Межы, курган векавечны і хвоя; Каня з аднэю малітваю «піць». Траўка ў ляску у цяню вырастае, Корміцца сокам зямелькі сырой; Птушка шчабеча — людзей пацяшае; Льецца крынічка, плюскоча вадой. Ночкай ля рэчкі раздольна, прывольна! Гуртам русалкі сьмяюцца, пяюць, Кветкі купальскай шукае бяздольны; Зь зельлем шаптухі паціху снуюць… Хочацца быць мне ў тым краю нязнаным, Хочацца край той абняць з прастаты Хочацца крыкнуць: гэй, краю каханы, Будзь мне, як маці, будзь родным мне ты! Дай мне зрабіцца крынічкай лясною, Бераг вадой абмываць, цалаваць; Дай мне век цэлы дружыці з табою, Хвойкі і зоры ў сабе адбіваць. Дай мне купальскую кветку у рукі, Путы жалезныя мне разьвяжы, Дай ты мне зельля на гора і мукі, К шчасьцю гасьцінец мне дай, пакажы! Ціха. Нічога ня чую, ня бачу. Роіцца толькі нязьведаны край, Повен то шчасьця, то жаласьці, плачу, То зло-хмурлівы, то сьветлы, як рай…

4. *** Як надарыцца мінута…

Як надарыцца мінута, Што ад працы адарвуся, I жыцьцёвая атрута Не пячэць, і прахаплюся, Дык цябе, мой Родны Краю, Шчырай думкай аблятаю. Ты няшчасны і убогі, Ты бяздольны і забіты, Ты бяз шляху, без дарогі, Ты абдзёрты і прапіты, Подлай здрадаю праданы. Ты ня свой, — даўно забраны. Меў вялікія кляйноды, Быў і моцны і багаты. Задзіўляліся народы — А дазнаўся горкай страты. Сохнеш, вянеш, — вокам кіну, Аж здаецца, што загінуў… А як сонейка устане I прыемна усьміхнецца, Па палетках, на кургане I па вёсцы разьліецца, Як паводка, Родны Краю, Над цябе тагды ня маю… Ты квяцісты, залацісты, I прыгожы, і аздобны, Ты лясісты, каласісты. Можа, рай табе падобны — Колькі ж моцы маеш скрытай, Колькі сілы неспажытай! Ты паўстанеш, працавіты, Гаратнічы, невымоўны, Шчасьця, долі прагавіты, Мой сланэчны, мой чароўны! Будзе час, пабачаць сьведкі, Хоць ня мы, дык нашы дзеткі.

5. *** Хай ні льюцца дажджы…

Хай ня льюцца дажджы цёмна-хмарныя Над зьмярцьвелаю пашаю. Хай пачнуцца гады хлебадарныя Над зямелькаю нашаю. Хай красуецца жытам, пшаніцаю, Каласочкамі цяжкімі, Хай ўзмацуецца Боскай правіцаю I ўсятворчымі ласкамі. Хай асьвеціцца праўды навукаю I братэрскаю згодаю, Хай зьнявечацца крыўда з прынукаю За яе загародаю, Хай ўзьлятаець хвала яе племені, Упякнёнага цнотамі, Хай шыбаець над скаламі з крэменю, Над арлінымі ўзьлётамі.

6. *** Мілая, родная старонка-маці!

Мілая, родная старонка-маці! Моцна цябе я і шчыра люблю, Бедныя ніўкі твае, сенажаці I нешчасьлівую долю тваю. Горам, матуля, цяпер ты замучана, Стогнам спавіта у сець з ланцугоў, Рукі і ногі да слупа прыкручаны, Ціха наругу ты зносіш, бяз слоў. Толькі ж уцешся, матуля каханая! Слуп твой патроху пачаў падгніваць, Прыйдзе к нам воля сьвятая, чаканая, Сець з ланцугоў як пачнем разрываць.

7. Воўкалакі

Ваўкалакі цёмна ноччу З дамавін выходзяць I лятаюць скрозь па сьвеце, — Сабе жэр знаходзяць: Дзе старое ці малое Сьпіць у сьне глыбокім, Ваўкалака падсьцігае Ненасытным вокам. Не пачуеш, як узьляжа На грудзях навала, Не пачуеш, як ён з сэрца Высьсе кроў памалу. Галасіста ж па сьвітаньню Засьпяваюць пеўні — Ваўкалака адлятае Неахвотна гнеўны. Па старонцы роднай здаўна Ваўкалакі ходзяць, Але ж пеўні не сьпяваюць, Слонка не ўзыходзіць!..

8. Іванку

Слухай, Іване, паночку, Кепска ты робіш, браточку: Хіба ж ня сорам так жыць, Гэткім нядбайлівым быць? Ўзглянь навакол на суседаў, Некалі добра іх ведаў — Хто зь іх спусьціўся, як ты, Мае з твае беднаты? Хіба ж яны галадуюць, Хіба ж па-твойму бядуюць? Ў іх і апратачка ёсьць, I часам пакорміцца госьць. Гэта ж дзе людзі зьбяруцца, Зараз зь цябе пасьмяюцца, Кажуць: «гультай, абібок». Так яно, мой галубок! «Бацька яго ў гаспадарстве Быў, як бы цар ў сваім царсьцьве: Быў ў гаспадарачцы лад, Мелася вока, дагляд… Быў чалавек яго татка! Ён жа: дзівіся, апратка Ў дзюрках, у гнідзе, сьцьвіла, Ў хаце — трава абышла. Нейкае дзіва, дый годзе!» Часам жартуюць ў народзе: «Моцны гультай, моў-ся вол, К працы ж пагнаць — трэба кол». Чуеш ты, чуеш, Іванка, Што у людцоў за гуканка? Слухай, над кім гэты сьмех? Грэх табе, братачка, грэх!..
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: