Задума гэтай драматычнай хронікі з’явілася ў мяне даўно, і толькі чыстай выпадковасцю можна растлумачыць тое, што п’еса будзе напісана да такой “круглай даты” – 350 год Віцебскага паўстання, 1000 год горада.
Падзеі вядомыя. Пасля сярэдневякоўя, пасля эпохі гуманізму і яго войнаў з сярэднявеччам, якія расцягнуліся на сто год, настала досыць страшнае ХVІІ стагоддзе, калі змучаныя, стомленыя людзі пачалі шукаць выйсця – адпаведна сваёй эпосе – не там, дзе трэба. Гэтая эпоха спарадзіла абсалютызм – гэта яшчэ й нічога было б – і думку аб тым, што спакой і дабрабыт можа даць людзям толькі адзіная ўлада, улада рэлігійная, Рым. У Полацку, Магілёве, Оршы, Віцебску ўзначальваў гэты “крыжовы паход” арцыбіскуп Іасафат Кунцэвіч.
Ніколі – амаль! – дагэтуль усходнеславянскае існаванне не знаходзілася пад такою пагрозай. Пагрозай смерці.
У тым, што такое не адбылося, – заслуга і гонар многіх. Але аднымі з першых узнялі свой голас –
Некалькім дням горада, якія, аднак, увабралі ў сябе цэлую эпоху, і прысвечана п’еса.
Горад, на які навалілася ледзь не ўся эра, ледзь не ўся Еўропа, знайшоў у сабе сілу ўстаць і на ўвесь свет заявіць аб павазе да Чалавека і Чалавецтва. Менавіта таму ён і можа быць прылічаны да
Мала таго што ён не сцярпеў пагарды, не сцярпеў таго, што трупы гараджан выкопвалі з магіл і кідалі псам. Гэтага не цярпелі многія. Ён – адзін з нешматлікіх гарадоў сярэдневякоўя – высунуў пазітыўную праграму: “роўнасць людзей перад богам і законам”.
Такімі продкамі можна ганарыцца. І я спрабую на лічаных старонках “хронікі” паказаць іх жыццё, тое, як яны, да апошняга, хацелі рабіць сваю штодзённую справу, нікуды не лезці, кахаць, расціць дзяцей, і як, зразумеўшы аднойчы, што яны не толькі “мяшчане”, але яшчэ і “грамадзяне” – адкінулі ўсё! Заплацілі дабрабытам, каханнем, складанымі – добрымі і страшнымі адносінамі між сабой – дзеля будучыні.
Заплацілі жыццём. Бо галоўнае ў п’есе не іхні быт і нават не паўстанне (усяго дзевяць дзён), а суд і кара.
Ссечаныя галовы, палі, іншая брыда, выдзертыя языкі званоў.
А пераможцамі выйшлі ўсё ж гэтыя званы, гэтыя людзі, якія ў эпоху цемрашальства ўпершыню сказалі тыя словы, выказалі тыя думкі, што і дагэтуль жывяць усіх нас.
Уладзімір Караткевіч
Званы Віцебска
Хроніка з XVII стагоддзя ў трох дзеях, шасці карцінах
Дзеючыя асобы
Сцяпан Пасіёра – завадатар паўстання 1623 года ў Віцебску.
Марцыян Ропат – цэхавы збраяроў-мечнікаў.
Антоні-Лар Вольха – залатых спраў майстра.
Багуслава (Багуся) Данель – дзяўчына, дачка аднаго з віцабскіх радцаў.
Прузына Трапашкава – яе “мамка”.
Еўга Бабук – былая павітуха, напаўюродка.
Баба Абдзярыха – гандлярка калдунамі.
Навум Воўк
Сымон Неша
Іля – свавольны поп.
Неўсця Ярамяшэвіч-Скверша
Васка Матыс
Янка Гужнішчаў – званар.
Ладысь – аршанец.
Пятро – палачанін.
Васіль – яго сын.
Вінусь – вільнянін.
Зуліся
Вальгіна
Іасафат (Ізахват) Кунцэвіч – уніяцкі арцыбіскуп Полацкі і Віцебскі.
Архідыякан Дарафей – давераная асоба Кунцэвіча.
Леў Сапега – вялікі канцлер Вялікага княства.
Палікар Абрагімовіч – тысячнік, галава біскупскай “гвардыі”.
Станіслаў Касінскі – езуіт, духоўнік Кунцэвіча.
Аляксандр Корвін-Гансеўскі – рэферэндарый і дзяржаўны сакратар Вялікага княства, Веліжскі, Пуньскі, Купінскі і іншы стараста.
Член камісарскага суда.
1-шы вартавы.
2-гі вартавы.
3-ці вартавы.
Мяшчане, гвардзейцы, члены трыбунала, варта, муляры, служкі, кат.
І i ІІ дзеі адбываюцца ў Віцебску ў жніўні – лістападзе 1623 года, ІІІ – у лютым 1624 года, там жа.
Дзея першая
Карціна першая
Цьмяныя контуры дамоў і вежаў. Ляцяць над імі і клубяцца чорныя страшньш хмары. Амаль поўная цемра. Хаос. I з гэтага хаосу – Голас.
Голас. Гэта было роўна 350 год таму. Чалавецтва змучылася ў рэлігійных войнах XVI стагоддзя. Многім людзям здавалася, што нават змрок Сярэднявечча – лепшы, бо ў ім была раўнавага духоўная.
I Рым, папа ўзнамерыліся “даць гэтую раўнавагу, даць спакой душам”. Нават агнём і мячом, не думаючы, ці варта плаціць за парадак гвалтам і разбоем.
На беларускія землі быў дасланы для вайны з ерасямі, увядзення уніі, саюзу з Рымам і знішчэння іншаверцаў – біскуп Іасафат Кунцэвіч.
Хто не згодзен – плаха, хто гаворыць і думае па-свойму – меч. I таму XVII стагоддзе было асабліва страшнае для Беларусі, якая ніколі яшчэ не стаяла так блізка да загібелі.
I ў тым, што так не здарылася, – заслуга і гонар многіх. Але аднымі з першых узнялі свой голас супраць знішчэння і смерці – Віцебскія Званы.
Паступова святлее. Ясны, залаты асенні дзень. Плошча перад царквой Успення маці божай (прачыстай) на Узгорскім пасадзе, пры ўпадзенні Віцьбы ў Дзвіну. Галоўны ўваход у царкву – справа, а перад намі – бакавы. Злева ад царквы, за садам, з якога звісаюць чырвоныя арабіны, – аркады гасцінага двара, далей – сілуэт ратушы, а правей ад аркадаў – задні мур двара арцыбіскупа.
Правей, за плошчаю, халодна сінеюць хвалі Віцьбы і Дзвіны, відаць каменныя,крыху пабітыя часам замкавыя вежы.
На плошчы натоўп. У многіх у руках пучкі каласоў з гронкамі арабіны: прыйшлі свяціць. Ціша і спакой. I раптам гул абураных галасоў.
Галасы. А людзейкі, а добрыя! А што ж гэта робіцца?! Біскупскія людзі нас з каласамі ад царквы гоняць.
Вальгіна. На прачыстую, у імя якой храм! На ўспенне маці божай.
Зуліся. Проста па гарбузах кіямі да крыві б’юць.
Навум Воўк. Здохні, біскуп Іасафат!